НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ МАСТА́ЦКІ МУЗЕ́Й УКРАІ́НЫ,

найбуйнейшы збор укр. нац. мастацтва. Адкрыты ў 1899 у Кіеве. Засн. як Гар. музей старажытнасцей і мастацтваў. У 1904 перайменаваны ў Маст.-прамысл. і навук. музей імя імператара Мікалая Аляксандравіча, з 1919—1-ы Дзярж. музей, з 1924 — Усеўкр. музей імя Т.Р.Шаўчэнкі, з 1936 — Дзярж. ўкр. музей, з 1939 — Дзярж. музей укр. мастацтва, з 1964 — Дзярж. ўкр. музей выяўл. мастацтва, з 1994 — сучасная назва. Пл. экспазіцыі 2,12 тыс. м², у фондах больш за 30 тыс. экспанатаў. Аддзелы: стараж.-ўкр. мастацтва 12—18 ст. (іканапіс, партрэтны жывапіс, скульптура, гравюры, нар. карцінкі), мастацтва 19 — пач. 20 ст. (карціны і гравюры Шаўчэнкі, пейзажы, жанравыя кампазіцыі У.Арлоўскага, С.Васількоўскага, М.Івасюка, К.Кастандзі, П.Леўчанкі, А.Мурашкі, М.Піманенкі, С.Святаслаўскага); сучаснага мастацтва, які адлюстроўвае разнастайнасць стыляў і кірункаў 1920—90-х г. (творы авангардыстаў А.Багамазава, Д.Бурлюка, А.Экстэр, прадстаўнікоў рэаліст. школы У.Касцецкага, Ф.Крычэўскага, А.Пятрыцкага, А.Шаўкуненкі, Т.Яблонскай). Мае калекцыю твораў мастакоў канца 20 ст. Будынак музея ўзведзены ў 1897—1900 (арх. Г.Байцоў і У.Гарадзецкі).

Т.К.Разанава.

Будынак Нацыянальнага мастацкага музея Украіны.

т. 11, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)